Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

23.02.2019

З 18 па 23 лютага 2019 года ў школе праходзіў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У мерапрыемствах Тыдня прынялі актыўны ўдзел вучні 5 – 11 класаў і настаўнікі школы. Кожны дзень арганізатары напоўнілі цікавымі падзеямі і мерапрыемствамі, каб яны, з аднаго боку, не заміналі напружанаму навучальнаму працэсу, а з другога – былі змястоўнымі, карыснымі і даступнымі для тых, хто цікавіцца роднай культурай.

Урачыстае адкрыццё Тыдня пачалося з лінгвістычнага конкурсу “Любі, шануй, ведай роднае слова”, які правяла Н. А. Панчкоўская. Дзеці паказалі добрыя веды па вуснай народнай творчасці, мове, праявілі сваю кемлівасць і знаходлівасць у тлумачэнні фразеалагізмаў.

Вучні з задавальненнем уключыліся ў мерапрыемствы,  падрыхтаваныя настаўнікамі: літаратурная гульня па творчасці А. Куляшова, гульня “Размаўляем па-беларуску”, гульня-віктарына “Дакраніся да роднага слова”, пазнавальная гульня “Беларускі каляндар”.

Міжнародны дзень роднай мовы ў нашай школе заўсёды вызначаецца святочнасцю і незвычайнасцю. І гэты навучальны год не стаў выключэннем. У гэты дзень прайшла гульня-конкурс “Буслік-2019”, у якой прынялі ўдзел 93 вучні з 3 па 11 клас.  Нікога не пакінуў без увагі  лінгвістычны праект “Смак беларускай мовы”.

У бібліятэцы былі арганізаваны выставы кніг, прысвечаныя  105-годдзю з дня нараджэння А. Куляшова і кнігам-юбілярам беларускіх пісьменнікаў 2019 года.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры прайшоў на добрым узроўні, паказаў, што вучні нашай школы цікавяцца фальклорам, нацыянальнай спадчынай, беларускай мовай, літаратурай.

Для кожнага з вучняў знайшлося нешта сваё, тое, што ён запомніць надоўга. І застаецца толькі выказаць словы падзякі ўсім, хто прымаў удзел і дапамагаў у арганізацыі мерапрыемстваў на працягу тыдня.

Все фото (смотреть)

Ещё в этом разделе